Вайна. Царылі ў краю партызаны.
Ішлі на заданьне хто ноччу, хто днём.
Узарваць мост, ці школы, што ў вёсках стаялі,
Прынесьці для п'янкі-гульні самагон.
Рабілі ў вёсках на немцаў засады
За дрэвам, за хатай або дзе папала.
Ніхто не пытаўся ў старэйшых парады,
Кроў морам лілася, і ўсё была мала.
Буры гудзелі, прасіў люд ратунку,
Днём рукі да Бога сьвятога ўзносіў,
Плакалі ў гнёздах галодныя птушкі,
Вецер па Краю злыя весткі разносіў.
Чорная ноч. На засоў, закрываліся хаты.
Баяліся людзі агонь запаліць,
Бо чулі партызаны і салдаты,
Любілі ўсе смачна есьці і піць.
Ноччу ракеты буравілі неба,
Громы трашчалі бязь літасьці Бога,
Марнелі ў хатах бяз солі, бяз хлеба,
Дрыжалі ад крокаў, што йшлі да парога.
Зь лесу бандыты ад хатаў вясковых
Цягнулі ўсё, што пад руку папала,
Пабралі сьвіней, авец і каровы,
Курэй і мышэй у хлявах ўжо не стала.
Нішчыў усё лесавік безгаловы,
Выграб дашчэнту і яшчэ было мала.
Людзей разьдзяваў у дарозе, у полі,
Выконваў усё, што Масква загадала.
У ноч панавала «Братэрства чырвона»,
Стаялі ля плотаў намылены коні,
Пад нож пусьцілі хатню жывёлу,
Адчынены дзьверы былі ў стадолі.
Дзеці ў радзюшкі галоўкі хавалі,
Як партызаны заходзілі ў хаты,
Чулі, як сала зь мяхоў даставалі,
Водку прынесьці загадвалі тату.
Так кожную ноч яны жыравалі.
Кожную ноч штось загадвалі тату.
Ранкам за імі сьляды замяталі,
І ветрылі тытунёвую хату.
Ноч партызаны ў вёсках царылі,
Днём ад'язджалі няпрошаны госьці,
Іх матацыклы нам вушы глушылі,
Немцы трасьлі абабраныя косьці.
«Дай масла, дай яйка», адчынены дзьверы
«Бярэце, паночкі, ўсё, што папала,
Халодная печ, даўно не варылі,
Галодныя дзеці, хата пустая».
Людзей хапаюць, вязуць у чужыну,
Трашчаць аўтаматы, брэшуць аўчаркі.
Вёскі гараць, неба чорна ад дыму,
Фрыц ля Масквы, тут нішчаць астаткі.
Хто ноччу, ці днём па загаду, ці так
Як гарох пры дарозе зьнішчаюць,
Хто прыйдзе да нас: «Немец, рускі, паляк
Кожны крывавы крок тут аставіць».
Можа, хто забыўся, а мо і не жыў,
У тыя гады, як люд тасавалі,
Уміралі дзяды і бацькі ў лагерах
Аб горы і бедах малым не казалі.