Я цябе, зямелька, цалавала,
Як злы рок з краіны выганяў,
Ад астрогу ў той час уцякала,
Калі злыдзень у хаце панаваў.
Дух у палоне, разбураны хаты,
У людзей добрых хавалася я,
Рок жыцьцёвы, у ГУЛАГ гоняць каты,
Плача горка матуля мая.
У Мардове гаруе наш тата,
Маму вярнулі з астрога дамоў,
Школы не кідаюць сёстры-дзяўчаты,
Каб не быць рабамі ў «гаспадароў».
Хата агалела, звалі кулакамі,
Ворагам народа зрабілі мяне.
Ды шнуруе ястраб дзікі над палямі,
І пільнуе злосны дзень і ноч мяне.
Ужо ён з тропу зьбіўся, і гады мінаюць,
Усё ня лезе мышка ў пастку да яго.
Птушкі вылятаюць, сьлед не пакідаюць
З роднае краіны, дому сваяго.
Дарога далёка, іду памаліцца
Найсьвяцейшай Маці ў Жыровіцкі храм.
Я зайшла ў Макейкі, зямлі пакланіцца
І жменьку з сабою на долю ўзяць.
Я родну мясьціну сваю пражагнала,
Дзе мама радзіла, тры гады жыла,
Стаўшы на калені, зямлю цалавала,
Каб яна дадому мяне прыняла.
У хусьцінку белу яе завязала,
Шлях мне незнаёмы да Жыровіц быў...
Плакала, маліла, на грудзях схавала,
А ў сьвятыні пастар нас зь ёю сьвяціў.
Доўга я блудзіла ў халоднай краіне.
І зямля сьвятая мне дапамагла.
На курсы ўночы вучыцца хадзіла,
Як маці за ручку па шляху вяла.
Яшчэ трохі сонца мне там пасьвяціла,
Ды знайшоўся ідал, што мяне прадаў.
Яго воўча маці на сьвет нарадзіла,
Ён мяне задаўна, з год дзіцячых знаў.
За жалезны краты мяне пасадзілі,
Душу надрывалі Сталіна скаты,
На доўгія годы мяне асудзілі,
Змарнелі ў няволі лепшыя гады.
Адабраў цябе там ідал той пракляты,
Думаў ён, што порах пры грудзях нашу...
Мінуў час, вярнула да роднае хаты
І з табою сёньня, родная, жыву.
Сумная пясчынка зь белай хусткі ўпала,
Да грудзей прыстала, мы зь ёю жылі.
Варожая лапа яе не сарвала,
І віхры ў Кенгіры зьмясьці не маглі.
Ды сіла і мары мне ратунак далі,
Мяне на Радзіму ўрэшце прывялі.
Сёньння я на волі, у сваім родным краі,
На любімай роднай бацькаўскай зямлі.