Я гэта бачыў сам, хоць адышло:
Ў апошні, можа, раз на белым сьвеце
Ішлі быкі і ворыва плыло,
А зьверху – хмары, чырвань, сінь і вецер...
Ідуць па ўзгорках, круглых і цяжкіх,
За імі йльсьняныя ў адвалах межы...
Як старажытныя князі, быкі
Маю радзіму на кавалкі рэжуць.
Зь нябачнае лагчыны йдуць яны
Да сонца, ветру, хмараў і разлогаў,
На ўзгорак, велічны, як шар зямны,
Бы два паўмесяцы, ўсплываюць рогі.
Заплюшчу вочы – і перада мной
Два цені йдуць пад крумкачынай зграяй,
І рэжуць сьвет нарожнаю бранёй,
І капыты –
бы край мой папіраюць.
Бялкі ў крыві, а капыты – ў гразі.
І ўсё здаецца мне: нарогам-зброяй
Быкі, як старажытныя князі,
Маю радзіму на кавалкі крояць.
Ў сьмяротны час – няхай прайшлі гады –
Ў маё апошняе сальюцца слова,
І сэрца разьдзяруць на дзьве паловы
Аблокаў барва, сінь, трывожны дым,
Радзімы твар, і горды, і суровы.