Данесьлі добрыя людзі
(А я спакойны чамусь),
Што жыцьцё пачало паскудзіць
Былому Каханьню майму.
Колькі ж годных яна абсьмяяла!
Колькі чыстых на сьметнік зьвяла!
Піравала яна, гуляла,
Ў Божы рай па трупах ішла.
Гэта толькі пачатак гісторыі:
Будзе ёй яшчэ на зямлі
Безвыходней куды і горай...
Так, як мне празь яе калісь.
Сёньня плачуць сьлязой яе вочы.
Заўтра – кроў яна зь іх пралье...
Але гэта ня я ёй адплочваю.
Гэта лёс ёй спаўна аддае.
Б’е за шчасьце маё, і за мукі,
І за ўсё, што аддаў сатане...
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Але, Божа,
анёл ці гадзюка –
Ўсё ж была яна часткай мяне.
Твой закон, і права, і сіла,
І таму не малю за сябе...
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Бог даруй, Бог – цябе памілуй,
Хай сабе і ў сьмяротнай журбе.