Ён быў царом дубоў. Над пушчай дзікай
Ён узвышаўся, як над морам траў.
І кожны жолуд, як радок вялікі,
Для сонца новы парастак раджаў.
І вось цяпер, калі яго быліны
Жывуць у жылах кожнага, як кроў,
Зь яго драўніны цяжкай робяць кліньні
Для пачынаючых мужнець дубоў.
А ён, калі пачнуць крахтаць нябогі,
Іх важна вучыць, – мудрасьці нібы:
«Што ж, дошкі будуць, – гэта ўсё нічога,
Для гэтага ж і існуюць дубы».
Забыў свае змаганьні і быліны,
Забыў свае пакуты на зямлі, –
Таму, што першыя свае галіны
Ня так, як ён, нашчадкі павялі.
І ён глядзіць на іх, бы зь мёртвай вежы,
Не разумее іх сьвятыя сны...
А будучыня парасткам належыць,
Бо на дубах былых растуць яны.
Бо іх галінам шырыцца ў свабодзе,
Бо іх карэньням глыб зямлі працяць,
Бо іншыя яны, бо сем стагодзьдзяў
Лес глебу рыхтаваў для іх жыцьця...
...Стаіць над зьдзірванелай сьцежкай згубы,
Нібыта ўсім, што зь ім было ў жыцьці,
Ўвасобіў да канца «ідэю дуба»
І больш дубам няма чаго расьці.