Дарогі... Корчмы... Ліра за сьпіною...
Ў гадах Хрыстовых – бедным шкаляром...
Засьпее ноч, засьпее дзень слатою –
Паўсюль мне стол, любоў, цяпло і дом.
У торбе за сьпіной – пяшчоты словы,
Для песьняў клетка, соль, тытунь, цацні,
Кашуля, нож і вышыты, суровы,
Нескарыстаны за гады ручнік.
І горкіх жартаў поўныя кішэні
Замест манет. Хто хоча – той бяры.
А ўцерціся дадуць у кожных сенях,
А не дадуць – абсохну на вятры.
На кожным дрэве – дамавіты сьвепет,
А я – па людзях мёд разношу свой.
Палі, лясы зь няроўным сілуэтам
І крумкачыны грай над галавой.
Пярун злуецца на мае справункі.
Дзьме ў грудзі мне раз'ятраны Пахвіст,
А я нясу на веях – пацалункі,
Ў расколе вуснаў – салаўіны сьвіст.
Адбітая у зрэнках, бы ў палонцы,
Зямля мая ўстае перада мной,
Высокая і чыстая, як сонца.
Чысьцейшая, бо плям няма на ёй,
Бязьлітасная, добрая, сьвятая,
Ўся зьведаная, як дзядоў палі,
І кожны дзень нязнаная, як тая,
Што не суседзі, а багі далі.
Па ёй іду ад самага сьвітаньня,
Рукамі гладжу глог і жаўтазель,
Каб кожны вечар за смугой барвянай
Убачыць грыб страхі і журавель.
І сесьці пад страхой, што пахне дымам,
І песьняю нягучнай ля агню
Аддзякаваць шматлікім гаспадыням
За горкі хмель і вуснаў дабрыню.
Ласкавыя, як жнівеньскае лета,
Адданыя, як сьпелыя палі,
Глядзяць, на рукі ўсьпёршыся, кабеты
І ўспамінаюць, што было калісь.
Трывожныя, няўтульныя, як сломкі,
Яны ў адрынах кудлы гладзяць мне...
Густыя сьцежкі, частыя карчомкі
Па ўсёй сваёй азёрнай старане.
І што мне недзе за высокай брамай
Чырвоных, прагных вокан каламуць,
Што ў ноч глядзяць, і чамкаюць грыбамі,
І думаюць, што з часам праглынуць?
Што мне яны, калі, як дар адзіны
За тую песьню, што нясу ў карчму,
Чырвоных, горкіх вуснаў арабіны
Мне сьвецяцца – не ведаю чаму.
Калі за простую прыпеўку тую
Ва ўсіх хацінах у маіх краях
Мяне, здаецца, песьціць і цалуе
Уся зямля мая. Зямля мая.
Калі яна, Любоў, рукамі ломкімі
Ва ўсіх адрынах кудлы гладзіць мне.
Густыя сьцежкі, частыя карчомкі
Па ўсёй маёй азёрнай старане.