Гудам-звонам срэбна-медным
Звоняць звоны на званіцы.
Звоняць звоны ў час дзяньніцы,
Надвячэр’ем ясна-бледным...
Якуб Колас
Родныя вобразы
уваход      рэгiстрацыя
 
  ГАЛОЎНАЯ     АРХАІЧНАСЬЦЬ     ЖЫВАПІС     ДПМ     ВЕРШЫ     ЛІТАРАТУРА     БІЯГРАФІІ     ФОРУМ     СПАСЫЛКІ  
пошук

  
Тлумачальны Слоўнік

МАЯ ДЗІЦЯЧАЯ РЭПЛІКА З ГАДОЎ АКУПАЦЫІ ДА ЎЧАРАШНЯЙ ДЫСКУСІІ МУЖОЎ СТАЛЫХ

Напярэдадні Дня Перамогі

у гэтым, 2007-м,

знаўцы гісторыі нашай

дыскусію распачалі –

у свабодным эфіры:

ці справядлівай ці несправядлівай

была барацьба беларусаў

супроць акупантаў нямецкіх?

Ці трэба было беларусам

ісьці ў партызаны,

падтрымліваць іх,

адзяваць і карміць,

абмываць і лячыць –

і помсту праз гэта прымаць

ад нямецкага войска.


«А гэта, вы знаеце,

як паглядзець на вайну

і на мэту змаганьня», –

пратарарэкаў спакойна,

разважлівым тонам

адзін дыскусійнік.

«Так, так, – пагадзіўся

яго суразмоўнік,

па дыхту відно –

тарарэка запраўскі. –

Адзінай высновы няма,

бо залежыць –

якою хто праўдаю мерае.


Што вёскі гарэлі з жывымі людзьмі –

гэта дрэнна, вядома.

Але – гэта наша ацэнка.

А тыя, што гэта рабілі –

рабілі з упэўненасьцю,

што праўда на іхным баку

і што супраціў учыняць ім

няможна.

Ёсьць праўда і праўда,

і хто можа сёньня сказаць:

справядліва ці несправяддіва?»


Так разважалі дарослыя,

адукаваныя людзі.

Я слухаў – і мушу прызнацца:

мне вельмі зрабілася сумна.

Госпадзе Божа мой!

На беларускай зямлі –

на зямлі Трасьцянца,  Калдычэва,

Хатыні, Азарычаў, «Ямы» –

ім пра такую і гэткую праўду

і льга тарарэкаць!..


Год сорак трэйці.

Сярэдзіна ліпеня.

Грузны мардаты жандар

допыт здымае зь мяне –

аплявухай, цяжэзнай,

як пральнік дубовы,

раз і другі, а пасьля –

падкаваным жалезамі ботам.

Я ляжу (мне дванаццаты год),

непрытомны, на пыльнай дарозе

і, бы ў сьне, чую лязгат затвора

й імгненна расплюшчваю вочы:

у твар мне глядзіць

чорным колцам бліскучым

сталёвае дула.

Я хачу падхапіцца,

а сілы няма, і ад жаху

крычу безгалоса:

«Дзядзечкі! Міленькія!

Вы пра што тарарэкаеце?

Пра якую –

такую і гэткую – праўду?»


Сорак трэйці.

Набраклы дажджамі,

разбухлы кастрычнік.

«Немцы! Немцы! Хутчэй уцякайце!» –

крычаць і бягуць праз балота,

да ўзьлеску, мужчыны.

За дарослымі ўсьлед

я таксама бягу

па куп’істым балоце,

задыхаюся, падаю,

ногі правальваюцца

па калена ў дрыгву,

адстаю, усё больш адстаю,

адчуваю: ня зьбегчыся мне,

не ўцячы, не ўцячы,

і, ахоплены жахам

(о, жах неўратунку!)

штосілы крычу безгалоса:

«Дзядзечкі! Міленькія!

Вы пра што тарарэкаеце?

Пра якую –

такую і гэткую – праўду?..»


Травень сорак чацьвёртага.

Пушча дрымучая.

Дзіч векавы.

Сяджу між кустоў багуну,

у сьцюдзёнай рудаўцы па грудзі.

Ногі нямеюць і дзеравянеюць

ад лютага холаду,

іх ломіць

нясьцерпна-пранізьлівым болем,

ды мушу маўчаць,

бо нельга заенчыць, бо ўчуюць,

праходзячы поблізу, карнікі.

I ўсё ж я крычу –

з той рудаўкі,

з той багны ў дзічы векавечным:

«Дзядзечкі! Міленькія!

Вы пра што тарарэкаеце?

Пра якую –

такую і гэткую – праўду?..»

Наіўны хлапчук быў.

Таму і крычаў:

ну а раптам пачуюць?

А раптам пачуюць і ўспомняць

пра суд у Нюрнбэргу?..


2007  Н. Гілевіч

вэрсія для друку

Адзнакi: 0/0 Водгукі(0)
Дадаў PL 09.03.2011