Я адплаціў народу,
Чым моц мая магла:
Зваў з путаў на свабоду,
Зваў зь цемры да сьвятла.
Янка Купала
Вы памыляецеся, пане наватар,
Калі, на пацеху якому звыроду,
Сьмяецеся з рыфмы «свабоду – народу»
Як з прымітыўнай, нічога ня вартай.
Можа, у нашай мове ёсьць
Лепшая да слова «народу» сугучнасьць?
Лепшая зьместам і духам спалучнасьць?
Дык засьведчыце: вось яна, вось –
Болей сэнсоўная,
Больш адпаведная,
Болей зьмястоўная,
Больш запаветная...
У нашай паэзіі, пане,
«Свабоду – народу» –
Ня проста сугучча.
Гэта – лёс,
Гэта – кон,
Гэта – клятва:
Ніводным радком не сагнуцца.
У нашай паэзіі
Самая моцная рыфма –
Тая, што з сэрца,
Якое ад болю ахрыпла.
Як у Купалы ў трынаццатым,
У дваццатым і дваццаць шостым...
У нашай паэзіі
Самая страшная доля –
Застацца «малым-недарослым».
Калі будзеце шчыра маліцца
Беларускаму богу Сварогу,
Вы прыйдзеце –
Веру і не хачу памыліцца –
Да сугучча «Народу – Свабоду».
Да яго ідуць праз пакуты,
Праз боль ідуць люты, пякучы,
Да сябе ня знаючы літасьці,
Душу вызваляючы з сытасьці...
Зрэшты, кожнаму рупіць сваё,
Можна й гуляць
У вершыкі-хахачкі,
Хіхачкі, хохмачкі...
Іх безьліч на сьвеце –
Аматараў пазабаўляць,
Сугуччы няведамыя знаходзячы.
Дык гэта на сьвеце!
А ў Беларусі да слова «народа»
Сёньня адзінае трэба сугучча:
С В А Б О Д А!