Пагорак. Лагчына. Кусты.
Курасьлеп. Рачулка і мосьцік.
Дарога. Усё, што калісьці,
Прыйшоўшы на сьвет,
У спадчыну ўзяў ён ад Бога.
Ад бацькі і маці.
Ад добрых людзей.
Усё, з чым адроду радніўся,
У чым раствараўся душою
Штодзень
I ўрэшце зусім растварыўся.
Хаджу па наўкольлі,
Дзе ён сіратой
Хадзіў, заварожаны сьпевам –
То моладзі ў лузе,
Вясьнянай парой,
То жнеяк – у жыце дасьпелым.
Гляджу, узіраюся...
Толькі – дарма!
Пагорак застаўся, ня зьнесьлі.
А духу паэта – ня чую.
Няма!
Ні ў полі.
Ні ў долі.
Ні ў песьні.
Усё, чым калісьці я сэрца гаіў
Ад скрухі, ад лёсу разгадак –
Усё абяздушыў,
Усё амярцьвіў
I вытравіў мудры нашчадак.