Пракляўшы рынак безгаловы,
Я ўспамінаю з болем наш –
Былы, мясцовы, местачковы,
Багаславёны фэст-кірмаш.
О, колькі ён зьбіраў народу!
I пачуваўся кожны там –
Нібы прыйшоў па ўзнагароду
Ці ўзнагародзіць хоча сам.
Усё там сьведчыла пра сьвята,
Усё высокі брала строй.
Там кожны меў Хрыста за брата,
А Багародзіцу – сястрой.
Там кожны быў другому рады,
Як свату сват, як кум куме.
А прыніжэньня ці няпраўды
Там не магло быць і на ўме.
Сам Бог там чаркаю налітай
Вітаў усіх і меціў знак.
«Ну не прадам – бяды вялікай!
Ну не куплю – пабуду так!..»
Усякі торг любоў вянчала.
Жыцьцё сьвяцілася ўваччу.
А што за мова там гучала!
Якую там я мову чуў!..
Не, гэта быў зусім ня гандаль,
Ня продаж-купля душ праз торг.
Была свабоды прапаганда.
Быў выхад сэрца на прастор.