Ізноў, як калісьці,
Мне каркае чорны крумкач:
Давеку ня выйсьці
Табе з гістарычных няўдач!
Куды ні паткнуся –
Усюды наб’ю сабе гуз:
Няма Беларусі!
Няма і цябе, беларус!
Куды ты ўсё прэшся?
Свой лёс ты між двух выбірай:
Ці «ўсходнія крэсы» –
Ці «северо-западный край».
Дай дзякуй, сярмяжка,
Што знаеш сяўбу ды жніво.
Калі ж табе цяжка –
Пахліпай сабе ў рукаво!
На гэта ты здатны –
На вечную скаргу і плач...
Замоўкні, бяздарны!
Ня будзе па-твойму, крумкач!
Я хліпаць ня стану!
Я прагай зьдзяйсьненьня жыву.
Найперш – у пашану –
Табе я скручу галаву.
Каб гнюсна ня каркаў,
Каб тут, дзе Купала хадзіў,
Рабоў-недавяркаў
Агіднай хлусьнёй не пладзіў.
Тут праўда і вера
Зь нябыту ўваскрэснуць навек.
I мэтай і мерай
Тут будзе ва ўсім – Чалавек.