Паміж мною і сонцам – туман ды туман,
Паміж мною і ветрам – ваконнае шкло.
Я ў кватэры – як частка кватэры – сама,
Гарадскі чалавек, папяровае тло.
Я ня ў госьці – а да тэлефона іду,
Мой чарот не шуміць – упрыгожвае стол.
Я па кнігах вучыла жыцьцёвы статут
I дзядоўскую мову, чужую для школ.
Вось вісяць абразы – не жагнаюся я,
Кленчыць – сорамна, быццам баюся зямлі.
Я кажу, як і ўсе: «Не шкада, хай вісяць».
Як і ўсе, спадзяюся: «Ўратуюць калісь».
Паміж мной і суседзямі – брудны бэтон,
Паміж мной і жыцьцём – тры паверхі тугі...
...Са званіцы нябёснай
абрынуўся звон,
Дах прабіў –
і да ног падкаціўся маіх.