Казкі «на беларускай» маці вам не купляюць,
I пад час адпачынку
ў замкі не павязуць.
І вам ужо не пабачыць,
як піва наварыць заяц,
I як каза калядуе,
ніколі вам не пачуць.
Улетку заменіць вёску
для вас піянэрскі лягер,
Дзе выраўнена шарэнгай
накормленае жыцьцё.
Ня казачнік – а фарцоўшчык
асоба вашай павагі
З маленства вас навучылі
ня казкі любіць – рызьзё.
Вы сёньня ў дварах ламалі
бясплотныя цельцы клёнаў,
А заўтра зможаце зьнішчыць
адной пастановай – парк.
О, дзеці беднага горада,
нібыта сівыя гномы,
Гуляеце вы ў дзяцінства –
здаецца мне зрэдку так.
I сумныя вашы вочы,
і жорсткія вашы гульні
Шкадобу не выклікаюць,
хутчэй – трывогу і страх...
...А казкі «на беларускай»,
як ліры залатаструнныя,
Маўчаць на кніжных паліцах,
хаця павінны – іграць.