Блішчастыя шкельцы хрумсьцяць пад нагамі,
бы косткі.
Замест вітража –
проста ноч і туман у акне.
Дк пуста! Як страшна!
Ды месяца срэбная коска
Мне знак падае,
што працяг да ўсяго існуе.
За коскай павінна пайсьці ўдакладненьне –
ці вынік,
I ў вокнах разьбітых язьмін пачынае цьвісьці.
Усё прадаўжаецца ў сьвеце.
Нішто не загіне.
I мы не да кропкі – да коскі
ідзём па жыцьці.
Маленькія шкельцы!
Вы – зьнічкі гісторыі нашай.
Зьбіраем мы вас, растаптаных
амаль што на тло.
Ды кожны па-свойму прыладжвае шкельца.
I страшна,
Што будзе вітраж
нейк іначай прасейваць сьвятло.
А вунь, у суседнім акне,
гаспадарнік зычлівы
Стаўляе ўжо шкла магазыннага
бледны квадрат...
Давайце ж зьбіраць хоць па шкельцу,
упарта, рупліва, –
І фарбы, і рысы вяртаць Беларусі назад.