Крывавае золата зьмей вартаваў дні і ночы,
I гінуў у страўніку доўгім
няўдачлівы госьць.
Ды золата ў зьмея таго адабралі аднойчы.
Сьціскае ён зараз у кольцах сваіх
Прыгажосьць.
А кольцы яго распляліся па цэлай планэце
I душаць празрыстыя рэкі і думкі аб іх,
Да замкаў старых запаўзаюць
у выглядзе сьмецьця,
У храмы –
і людзі багоў забываюць сваіх.
А каб не знайшлі да ратунку шляхоў патаемных,
Па сумных паданьнях, –
той зьмей навучыўся пісаць.
I дзе пачынаецца голас вучонага зьмея,
А дзе чалавечы –
ня можам ужо разабраць.
У служкі да зьмея ідуць –
во часіны насталі!
А добрыя людзі ня вераць,
што зьмей гэты ёсьць.
Каб золата ён вартаваў –
дык ізноў адабралі б...
...Раздушвае зьмей у абдоймах сваіх
Прыгажосьць.