Мне пякло сядло, мне пякло,
пада мной жарабец скакаў,
быў пазначаны грэцкім таўром,
поўны жарсьці, яго запал.
Замест эпіграфа
Апякуйся, Вялес, аслані
не выгнаньне сваё з Пантэону,
а трызьненьне маё – барані,
як Барысавы камяні,
вырачэньне:
«Каханьне да скону...
...не прымаю – баюся прыняць,
бо занадта, замоцна кахаю.
Я – няздар, я ня здолею ўзьняць
на вышыні, зь якіх узьлятаю,
кожны ўздых, што з табой памятаю...»
Смык ідзе па вадзе ў чарадзе
белых лебедзяў хвалі руйнуе -
вагкаватасьць ірве чарадзей,
ён, марнуючы радасьць, балюе.
Ў хвалях пенных стаіць жарабец,
хвалі словам мустанга туруюць.
«Dolce, dolce...» – туруе й галец –
хваляў зьбеленых верны ганец.
Тут вызвольныя стогны палююць
на ружовыя россыпы зор,
на пясчаныя насыпы ветру,
на шыкоўны разораў узор,
і трымаюць-нясуць свой дазор,
і віжуюць маленькую Герду.
«Дзе мой братка, мой братка дзе?» –
я, зь ільдзінкамі ў горле, завею
запытаюся і захварэю.
«Дзе мой братка, мой братка дзе?» –
я азёрную краску лілею
ачмурэла ўдыхну й захмялею.
«Дзе мой братка, мой братка Кай?
Адкажы мне, нямотная постаць!
Я ня здолею ўзяці пострыг –
цацкі-шыбенікі востраць
лёзы-дзіды ў мой небакрай...»
«Сьціхні, сьціхні... – шапоча гай. –
Ты, ня зьведаўшы расчараваньня,
хочаш у наркатычным тумане
з братам, з цацкамі жыць – ня далей?...
I сьцішаць, і заглушваць дазваньня
сьлёзны водар дарослых лілей?!.»
«Я ня здо...»
«Ты ня здолееш болей
жыць чужою сям’ёю і воляй!»
«Тата, мама...»
«Ты ўжо не дзіця!
Ты шукаеш, глядзі, адкрыцьця», –
гай зьнямеў.
I кентаўр прамовіў:
«Пры ніякай іншай умове
я ня стану тваім, ты – маёй.
Застануся адзін, ты – адной.
На выгнаньні мы будзем сам-насам
і ня спраўдзімся так раз за разам
у дурное дзіцячай самоце,
у тваёй і маёй адзіноце».
«Я каха...»
«Ты ня здо... ты ня здо...
Ты ратуеш чужое гняздо.
Досыць мо?
Досыць мо?
Досыць мо?
Можа, час?!
Ужо час даўно!»
«Так, я здо... Я каха...
Но!.. Но!»
Р. S.
Мне пякло сядло, мне пякло...
Пада мной жарабец скакаў
быў пазначаны грэцкім таўром,
поўны жарсьці, яго запал.
*
Расчашу жарабца грэбнем я,
валасы нацягну на смыкі:
адзін чорны, другі – такі
ён сівы, але грае як!
«Dolce, dolce...» – ядвабны акорд.
«Presto, presto...» – блазнуе струна.
«Dolce, dolce...» – пяшчоты код.
«Presto, presto...» – ажно давідна.