Рыгору Раманавічу Шырму
Пякло нясьцерпна. Млела ўсё навокал,
Нібы зямлю хто варам абварыў.
Як з рупараў, з адкрытых насьцеж вокан
Плыў голас: дыктар штосьці гаварыў.
Пасьля раздольна песьня загучала.
Здалося, лівень хлынуў з вышыні!
Яе мне маці некалі сьпявала,
Спрадаючы кужэльнай ніткай дні.
Ах, песьня маці! Я забыў на стому,
Забыў на млявасьць, што ўсяго зьвяла.
Мяне сьцяжынка ўжо вяла дадому,
У бацькаў двор аселіцай вяла,
Дзе на траве бялеюць ранкам росы,
Дзе кладкі выгнутыя над вадой,
Дзе й я калісьці – загарэлы, босы –
Каня паіў зь дзяўчынай маладой...
Дыхнула сьвежасьцю – і лёгка стала,
Пачуўся лесу пошум, плёскат рэк...
Мой родны край, мая зямля сьпявала,
Мая любоў, адзіная навек!
А я... здалося, піў, прыпаўшы ніцма
Да ручая з крынічнаю вадой...
Мы часта ў сьпёку ходзім паўз крыніцу,
Але ці часта п'ём з крыніцы той?