Для куска хлеба, чорнага хлеба
Бядак прадаецца з душой,
Вольную волю, сьветлыя думы
Ў нядолі ён топіць цяжкой.
Каб як пражыці, голад змагаці,
Павінен забыцца на ўсё –
На сьветляныя душы парывы.
На ўсё чалавецтва сваё.
Царскі нявольнік, панскі нявольнік,
Нявольнік – слуга абадвух, –
Цару – салдатам, парабкам – пану,
А кепска, ох, жыці для слуг.
На другіх мусіць век працаваці,
А дзе што ня так, не ўгадзіў, –
Плюнуць пагардай, выганяць з хаты,
Ідзі ў сьвет, бядак, як хадзіў...
Музыка, песьні чутны з палацу –
Гуляюць за труд бедакоў,
Мучыцца ж бедны думкай штодзённай,
Каб голад са сьвету ня зьвёў.