Дажджы ідуць. Такі пачатак. Восень.
Дажджы ідуць у мілай старане.
...Сама хадзіла па зямельцы босай,
А туфелькі купляла для мяне.
I вось лісток душэўнае трывогі,
I вось радкі азяблага пяра:
«...Няўжо, як раньш, ня выбегаюць ногі?
I рукі мне ня выстарчаць, як раньш?
Здаецца, што й спакойна засынаю,
Нібы іду па скошанай траве.
Але так цяжка вочы закрываю
I шум, як лес, стаіць у галаве.
Як ні кажы, да старасьці ўсё дзела.
Ды мо' лягчэй было б, каб не сама.
А тут, як глянь, і вёска парадзела,
I гоману ранейшага няма...»
Радкі, радочкі, ані слоўка лішняга.
(А я ўрастаю ў невядомы тлум!)
...Куплю сукенку і да сьвята вышлю.
Ды ці разьвею ёю мамін сум?