Браце мой любы!.. Ідзеш на вайну...
– Кліча агульны прыказ...
Кінеш радзімую ты старану,
Кінеш сямейку і нас!
Можа, ня ўбачымся болей з табой –
Бог яго ведае, брат!
Як праканаціся ў долі сьляпой:
Пусьце? – ня пусьце назад?
Сорам і ганьба для сьвету вайна,
Як ні мяркуй, ні судзі;
З боскіх законаў сьмяецца яна...
Мусіш, аднак жа... Ідзі!
Йдзі, не трывожся: маленькіх тваіх
Будзем карміць, даглядаць,
Ў разе ж... дай Бог, каб вярнуўся да іх!..
Будзем, як ты, гадаваць.
Гэтак... I ўсё, што хацеў я сказаць?
Пэўне, усё... Пачакай!
Нам пастарайся адтуль напісаць,
З думкі с в а і х не спускай.
Потым... Пасунуцца ў бітву палкі –
Ты баязьлівым ня будзь:
Сьмелага сэрца ня раняць штыкі,
Кулі яго не праб'юць.
Будзе праціўнік пабіты ляжаць, –
Ты пашкадуй яго, брат!
Раны завяжаш, паможаш устаць, –
Й ён чалавек і салдат.
Брат, у далёкай сваёй старане
Мае ён дзетак, сям'ю...
Помста ці хцівасьць цябе як штурхне,
Ўспомні сямейку сваю.
Старасьці, цноце ня помні ураз,
Гэтым сумленьня ня плям.
Быў чалавекам ты, браце, у нас,
Будзь чалавекам і там.
Мы у Вялікага будзем прасіць,
Ты каб вярнуўся здароў...
Н-ну! – разьвітаемся... Сэрца баліць...
Дай жа абнімемся зноў!