Вясна. Сонца узыходзе,
Сьвеце на зямлі;
Дух збудзіўся у народзе, –
Усталі, пайшлі.
Ёсьць і працы, ёсьць і поту, –
Спаць няма калі!
Дружна валяць на работу, –
А ты, браце, сьпі!..
Сьпі, на сьлёзы і на гора
Рукою махай;
Хоць зрабіў бы ты зь іх мора,
А кажы: няхай!
Няхай тыя уставаюць
Рана да зары,
Што свабодачку кахаюць! –
А ты, браце, сьпі!..
Недастатак госьце ў хаце,
З крыўдаў дух замёр;
Дзеці, жонка шлюць пракляцьце...
Ты ж, як той тапор!
Дрэмле сошка, і адлогам
Шнур ляжыць даўгі;
Ржа касу есьць над парогам...
А ты, браце, сьпі!
Сьпі, а можа, хто заблудзе
У твой бедны край
I цябе з душой разбудзе, –
Крыкне: «Уставай!»
Ты на гоман той народны
Паходню бяры
I другіх будзі з паходняй!..
А мо лепей... сьпі?!