Ад рана да рана
Пейце, старцы, дзеці:
Добра меці пана,
А лепей ня меці.
Пан за тваю працу
Нібыта й заплаце;
Знай плату з палацу! –
Зьбярэш зь ёй багацьце!
За гадзін семнаццаць
Працы ўдзень нязьменьне
Выйдзе грошаў дваццаць,
Або й таго меней.
Ой, ды лёгкай служба
Нідзе не бывае,
Бо служба – ня дружба, –
Няволя цяжкая.
Трэба ведаць, знаці
Службы гараваньне:
Позна легчы спаці,
А ўстаці зараньне.
На слаце й марозе
Рабіці зьзіханым,
Дрыжаці ў парозе
Перад грозным панам.
Заціркай найболей
Гавець, разгаўляцца,
Як сьвіньні, на полі
З блыхамі валяцца.
Лае пан багаты,
А ты цярпець мусіш,
Хоць не вінаваты,
Языка прыкусіш.
Горш якой скаціны
Спаганяць, зьняславяць,
Кляцьбой без прычыны
Спаткаюць, адправяць.
Ой, позна і рана
Пейце, старцы, дзеці:
Добра меці пана,
А лепей ня меці.
Ў службе гора болей,
Як якіх выгодаў;
Хто ня любіць волі, –
Ня нашага роду.
|
|