Сястра мая, шэрая яшчарка,
ня бойся маёй далані,
я брат тваіх вымерлых прашчураў,
а больш я ня маю радні.
Я неба ня прагну высокага,
сястра, я люблю спачываць
на ўскраіне поля шырокага
і песьню пра волю сьпяваць.
Люблю я згадаць пра мінуўшчыну:
жытнёвыя мэндлікі ў рад,
гліняны спарыш з хлебнай гушчаю,
і пожня, і сьлёзы, як град,
пажары, грымоты і печышчы,
і побач з ральлёю – дзірван,
і сымбаль крывіцкае вечнасьці –
амшэлы жвіровы курган.
I памяці гэткай, о шэрая,
ніколі ня збыцца мне, не!
Жыву я зь вялікаю вераю
на круглым маім валуне.