Калі, нарэшце, корба
Прабіла тоўшчу глебы
I нафта чорнай кобрай
Рванулася пад неба –
Было дванаццаць з чвэрцю.
Ўзьляцела ўверх: – Дасталі-і!..
I ціш... Пасьля, як чэрці,
Ля шчыліны скакалі
Усе, а кінахронік,
Забыўшыся здымаць,
Крычаў:
– Ну, дай гармонік!
Хачу зайграць!..
А нафта ў неба біла,
Спадала ўніз дугой,
Зьяднала і зрадніла
Людзей паміж сабой.
Біў прараб абцасам:
– Беларуска!
Жонка, смаж каўбасы
На закуску.
Зразумейце,
Чэрці вы,
Гэта ж скарб!..
Было дванаццаць з чвэрцю,
I мне сказаў прараб:
– Давай, пішы з абзаца,
Ці як у вас там звычна:
Навечна слава працы!
БССР! I клічнік!
|
|