Заходзь у мой дом, чалавек!
Знаёмы ці проста прахожы.
Ня бойся мяне патрывожыць,
Заходзь у мой дом, чалавек.
Нараніцы, днём і ўначы,
Заходзь у хвіліну любую;
Як ёсьць што сказаць – памяркуем,
Няма што сказаць – памаўчым.
Заходзь, чалавек, да мяне,
Зь бядою заходзь і турботай,
I проста, калі захлыне
Ў натоўпе людскім адзінота.
Заходзь, чалавек, у мой дом!
Мы нешта прыдумаем разам,
Быць добрымі – наш абавязак,
Заходзь, чалавек, у мой дом.
Так верш я скляпаў. Неблагі...
Ня горшы з усіх маіх вершаў.
Ды гэта, як кажуць, АКТ ПЕРШЫ.
А вось
АКТ ДРУГІ.
Стук у дзверы.
– Хто там?
– Незнаёмы. Адчыніце...
– Хто там?
– Незнаёмы.
– Што вам трэба?
– Мне ад вас?.. Нічога.
– Ну тады ідзіце сабе з Богам.
– Як жа так... Някляеў вы?
– Някляеў.
– Ведаеце хто я?
– Не ўяўляю.
– Я чытач. Я верш у вас знайшоў,
Вы там напісалі:
Днём і ноччу,
Хто захоча і калі захоча,
Хай ідзе да вас.
Вось я прыйшоў.
– Кіньце жарты.
Ноч.
Не адчыню.
– То навошта верш вы напісалі?
– Вы вар’ят!
– Дык вы пажартавалі?
– Слухайце, я зараз пазваню,
Каб па вас зь міліцыі прыслалі!
– Вось як... То бывайце...
Я дарма
Кожнай кропцы ў вершы вашым
верыў...
«Што ж рабіць?»
Я адчыняю дзьверы,
Толькі там нікога ўжо няма.
Мо здалося ўсё мне?
Я стаяў,
Думаў пра кароткую размову.
Нехта ж быў...
I нехта майму слову
Верыць перастаў.