Бязьлітасна зязюля кукавала
Кароткі век.
«А колькі гэта –
Мала?..
I колькі – шмат,
Калі зьвініць у росах
Таемны цуд жыцьця,
Людскога лёсу.
Ён – лістапад.
Ён – вецер угары.
Ля вуснаў – вусны любай.
Хай ён горкі! –
Яго спазнаўшы –
Нерушна замры
Пад промнямі
сваёй
шчасьлівай
зоркі!
Ты не стары пад ёй.
Не малады.
Жывы.
Жывеш!
Таму ўначы і днямі
Жыцьцё сваё лічы не на гады –
На зробленае
Гэтымі гадамі.
Бо можа стацца,
Небасхілу ля,
Дзе на дыбы
ўстаюць зямныя коні,
Ты будзеш верашчаць,
Як немаўля,
Хоць і дапнеш
Да сівізны на скронях...»
Так сьцешваў я сябе...
Ды толькі слоў,
Каб супакоіць сэрца, –
Не хапала...
Упартая,
У лесе зноў і зноў
Кароткі век зязюля кукавала.
|
|