Скарынку сонца напалам
зламаў заходу бор рукасты,
вясёлка мёд не дапіла
і зацягнула вузел кайстры.
Каўтаў у схове сухавей
захраслай глоткай чад кялейны:
яго каханку салавей
украў на дзёрзкае калена.
Ды непазьбежна – дзесь пад Спас –
здагадка думкай кіравала,
што пакрысе сплываў запас
ня толькі, мабыць, карнавала.
Гамонку вабіў перабор:
хістаўся звычай незалечны,
а мост з раструшчаным рабром
усьлед за полазам заенчыў.
Сьпіхнула зорку на сумёт
гурма суродзічаў на кручы,
а ёй хацелася самой
ляцець і цешыцца бліскуча.
Схіляла ноч спакусны стан
у кажушку, як багра печы,
і мела вызнаную з тайн,
калі нямка рабіла пеўчым.