Сягалі за неба вышэй
Трохкутнікі бэзу:
Пазбавілі плётку вушэй,
Каб зрынуць у бездань.
Сусьветам круціў салавей –
Гаёвы нахаба.
Казалі, цяпер пасівеў
Ад помсты за хабар.
I назву Зальвянка зьвяла
У поцемкі краю.
А з нас дык вяроўкі віла:
Цяпер дакарае.
I жмурыцца ніца здалёк
Застуджаны назірк.
Намацваюць рукі кіёк
Абедзьве адразу.
Дарога рыпучы каўчэг
Хіснуць пасьпяшае.
Зь яго вунь падсмалены зьбег
На пошук пашаны.
Саломінку згадкі хапаў
Штыкетнік з рыштунку:
Хацеў ратавацца хіба?..
Няма паратунку.
Згібала ваколіцы стан
Крутым кілямэтрам.
Ты, любка адчайная, стань:
Затулімся ветрам.
А ён нас у прыгаршчах нёс,
Дзе зьнічка замерла.
Затым шуганула зь нябёс...
... I сэрца разьдзерла.