Ты чакаеш... У вочах надзея:
Вось ён прыдзе дадому ізноў,
Буйнай радасьцю сэрца сагрэе,
Гадаваць будзе разам сыноў.
Будзе песьціць, купляць ім дарункі...
А калі адляцяць жураўлі,
Будзе дум сваіх плесьці карункі
Аб жыцьці на уласнай зямлі.
А пасьля, за марозным вакенцам
Ветры песьні зімы завядуць...
Пад гудзеньне свайго вераценца,
Ты забудзеш былую бяду.
Неўзаметку надыйдуць Каляды,
Затрашчаць ад марозу платы,
Але ў хаце – ялінка-прынада,
Дзеткі сьмехам зьвіняць залатым.
Скончыць песьню сваю вераценца,
Вытчаш кужаль, нашыеш хусьця...
І вясной за вільготным вакенцам
Заліе сонца даляў прасьцяг.
Ён паедзе араць, сеяць поле,
Ты-ж ля град завіхнесься спарней.
Усьміхнецца вам ласкава доля –
Годзе, годзе ў бядоце марнець.
Дык чакай... Бог дасьць, гэтак і будзе
Зажывеш зь ім шчасьліва ізноў,
Акрыяюць змарнелыя грудзі,
Дачакаеш пацехі з сыноў.