А выстыла хата нашчэнт.
Заносім зьвінючыя дровы.
Глядзі, як падскочыў умэнт
Агеньчык, бы каліва, дробны.
I будзем ля печкі сядзець,
Складаць пры агніску надзеі.
Запашаны ў шлях селядзец
Нагода пароўну падзеліць.
Разважліва зноўку маўчым.
Шырока агонь палыхае.
Яму не дазнацца прычын,
Чаму ўсё ж часіна ліхая.
На сьценах у рамках падрад
Адбіткі былога настрою.
Ня выгукне певень: ура –
Няма яму мейсца на троне.
I сходзяцца цені здалёк,
Для іх не зачынены сені,
I шапкі здымаюць далоў,
I ціха расходзяцца цені.
Гаворыць агонь. I сюды
Ня кожны па сьнезе заверне.
За намі нябось праз гады
Таксама зачыняцца дзьверы.
Ня будзем, мой дружа, калець,
Хоць вецер наваліцца з ровам.
Сьпяшаюцца дровы. Канец.
Палаюць бясконцыя дровы.