Цуд, ня больш і ня менш, пабачыць
(Час датла іх ня ўсе расьцёр)
Павёў мяне Рычард Бялячыц
У Варнянскі касьцёл.
Мейсц тамтэйшых і сын, і знаўца
Не дазволу ў Бога прасіў –
Прапаноўваў высока ўзьняцца,
Аж наколькі хапіла б сіл.
Дзіва ў зрэнках, напэўна, стыла,
I задумваўся не назло:
А якім памножаны стылем
Думкі дойліда на мазоль?
Лахманы крыжавога веку
Ураган растрос на рагах.
Пад панурым, як немач, векам
Не пра тое маўчаў арган?
Дык вядома, у дзікай драме
Не аднойчы Хрыстос канаў.
Паднябесьсе стаяла ў храме,
Як падвешаны акіян.
Не расколаты доўбняй, працай,
Галасы з навакольных хат
Аціхалі ў высокім спраце
I знаходзілі душы спрат.
Тут пачуцьцям сьвятла хапала,
Уздымаўся паволі лёс.
I за грудзі жальба хапала –
Хваля так абдымае плёс.
...Адплывала ў смугу званіца,
I гаёў зелянеў экран.
Немагчыма з дарогі зьбіцца,
Як вяртаесься да Варнян.