З пусткі Ён выходзіў, нібы з саду.
І сьвяціўся ціха твар Яго.
Хоць хапала ў сьвеце вінаграду
Для людзей і для людскіх багоў,
Ён ішоў, забыўшыся пра голад,
Адзіноту, здраду і жуду
І пра свой ад сьлёз ахрыплы голас,
Што пытаўся: «Хто я? З чым іду?»
Першыя травінкі заблукалі
Між каменьняў, збліснула вада...
Трэснулі Майсеевы скрыжалі,
Быццам неба Страшнага суда.
Ён ідзе, і пустка за сьпіною –
Кокан пад крылом у матыля.
Будзем жыць, любіць жыцьцё, панове,
І ўзірацца ў неба спакваля.
Кіпарысы падпіраюць неба
З храмавай суровасьцю калон.
Ёсьць часы, калі ня просіш хлеба
Не таму, што не патрэбны ён.
...Вучні, як спалоханыя дзеці,
Сыплюць незакончанасьцю фраз.
А настаўнік – самы лепшы ў сьвеце –
Сам і ёсьць нячутны ім адказ.