Ня стала маці, да якое нёс
Душу збалелую – паспавядацца.
Ня стала бацькі, што прымаў да сьлёз
Прапашчы лёс зямлі і гаспадарства.
Ня стала брата, што дарадцам быў,
Калі ўзьнікала клопатнае штосьці.
Ня стала і сястры, зь якой любіў
Успомніць песьні нашай маладосьці.
Ня стала ўжо і бальшыні сяброў, –
Каб пасядзець за чаркай і яшчэ раз
Адчуць, што хіжы век нас не разьвёў
I што нам шлях не засланіла шэрасьць.
Ня стала ўжо, прашу мне дараваць,
I закаханага ў жыцьцё паэта,
Што так любіў над вершам шчыраваць,
Як Усявышні над стварэньнем сьвета!
Таго паэта ўжо няма. Няма!
А сноўдае сярод руін былога
Яго двайнік. Ня сільцеся дарма
Пазнаць у ім свайго братка старога.