А калісьці і я прачынаўся у бацькавай хаце.
Чэрвень. Раніца. Росы і цішыня.
На гародзе сьпявае паціху маці
Пра маладога жаўнера, пра гнядога каня.
А над вокнамі мята п'е сонца гарачае,
I глядзяць мне у вочы красой нерастрачанай
Сінія касачы.
Маладосьць з краю у край мяне весела кідала,
Колькі кветак дзівосных пабачыў і зьмяў!
Ля адных вырашаў, што бадзяцца абрыдла,
Каля іншых шаптаў я чыёсьці імя.
Любаваўся, глядзеў на краіны я розныя,
А пісьмо ад сястры напявала пра росныя
Сінія касачы.
Не пасьпелі у шчасьці як сьлед пакупацца мы, –
Бомбы сьвіснулі, пырснула першая кроў.
Хата вочы закрыла дашчанымі пальцамі,
Каб не бачыць гора гаспадароў.
Прашаптала матуля на ростані: «Лёс такі!..»
I прыніклі журботна да градак пялёсткамі
Сінія касачы.
Пяць франтоў мяне пылам гарачым абсыпалі,
За вайну перамерана тысячы вёрст.
З успамінамі крочыў пад ветрамі сіплымі
I з надзеяй на студзеньскім холадзе мёрз.
I заўсёды здалёк, праз прасторы вялікія
Усьміхаліся мне і дамоў мяне клікалі
Сінія касачы.
Нехта бруднымі ботамі, пэўна, іх вытаптаў,
Выбіў градкі, спаліў невысокі паркан.
I не мае аздобы зямля працавітая,
I сумуе па кветках маўклівы туман.
Прыйдзе час – зноў збудуем мы хаты утульныя,
А цяпер – біць дык біць! I за сьлёзы матуліны,
I за сінія касачы.