Ты гэты горад не любіў ніколі,
Бо шэры ён, як крушня ў полі,
Дзе толькі, часам, груганы і вецер,
Як мроі, пралятуць.
Ізноўку вечар
На горад падае, нібы забіты,
І цемраю, нібы вадой, заліты
Ня хутка горад выплыве на ранак,
Дзе ты, стамлёны, ад каханак
Вяртацца будзеш, нібы грэшнік з раю,
У камяніцу, дзе цябе чакаюць
Халодная пасьцель і кубак кавы,
Як вугаль, чорнай і, як дым, гаркавай.
І дзень пачнецца, бы праб’юцца травы
Між камянёў, дзе груганы і вецер,
Дзе шкло разьбітае, як зоркі, сьвеціць,
Не асьвятляючы нічога...
Не асьвятляючы нічога...