Ладзьдзі праплывуць аднойчы між гэтых лясістых выспаў,
Анёл праляціць аднойчы над гэтай азёрнай пушчай.
І дождж са сьлядоў стамлёных маіх ці казуля вып’е,
Ці то капыты пагоні расплешчуць, як лёс раструшчаць.
Анёл праляціць аднойчы... А куля заб’е адразу.
Гуляй, маладое цела! Здабычу хавай і волю.
Дукаты мне не патрэбны, каштоўней – абразіць князя,
Хай коні яго шаленства патопчуць і лес, і поле.
Але яшчэ найкаштоўней – пра вусны княгіні памяць,
Усьмешлівых па-юнацку і строгіх – пры строгім мужу.
І ведае зараз лірнік, каго высьмейваць і славіць,
І ведае князь, што ганьбы і сьмерцю маёй ня здужаць.
Ківаецца сьвятаяньнік агнём хваравіта-жоўтым,
Я сам выбіраю мейсца апошняй бойкі і славы.
Я вольны і ў самай сьмерці – і гэта мне ўзнагарода.
І золата сыплю ў рэчку. А сам я – умею плаваць.