Л. А. Панамарэнка
Іліяда мая! Колькі даўніх крылатых стагодзьдзяў
Ты разрэзала ветразем, вартым людзей і багоў,
Плывучы ў невядомае, ў дальнія тысячагодзьдзі,
Быццам бронзай акуты «Арго»,
Крутабокі і звонкі «Арго».
Ўвосень чырвань сумаху на скронях тваіх выступала,
Так трымаў ты свой крыж –
мора цяжкага ўдары і гром:
Быццам плакалі скалы, кроўю даўняю плакалі скалы
Пад сухім і траскучым, як Крым, пад цярновым вянком.
Коні сінія з мора імчалі на бурным прадвесьні,
Ты хапаў іх за белыя грывы і біў уразьлёт
Або слухаў спакойна пелазгаў забытыя песьні
І глухія – пад вечар – званочкі авечых чарод.
Іліяда мая! Пасмы чорныя хмар на вяршыні.
Як гекзамэтр звонкі, ўдараюць аб бераг валы –
Неўміручыя строфы, што морам прапахнулі сінім,
І сухою травою, і ёдам, і вечным спакоем зямлі.
І за вечную цьвёрдасьць тваю мора вечнае даньню
вялікай
Сыпле дым скамянелы агата табе на далонь,
І крывавыя сьлёзы забытых багоў – сердалікі,
І празрыстыя сьлёзы самотных жанок – халцэдон.
Дзе яны, што ахвяры палілі глухімі начамі,
Кантрабанду насілі, багоў павяргалі у жах,
Дзе яны, што ў крылатыя шлемы званілі мячамі
І на ўласнай крыві узрасьцілі крывавы сумах?
Я ня веру, што зьніклі яны... Вось... выходзяць з пучыны
З морам зорным на скуры і сольлю ў кучме ільняной –
Лістрыгоны, пяніцелі хваль, заваёўнікі чорных
вяршыняў.
І прыбою гекзамэтр гулка ўздыхае ля ног.
Іліяда мая! Вечна морам плыві да свабоды,
Вечны ветразь напяўшы, кіруйся у казачны шлях
Са сваім непакорным, дэльфінападобным народам,
З бурным морам у жылах і сонцам у дымных вачах.