Калі паміраюць дрэвы – яны павольна падаюць
на зямлю,
Больш павольна, чым пушок адуванчыка, –
і застаюцца ляжаць.
Калі паміраюць жывёлы – яны засынаюць у ветрабоі
Або чарнеюць на ральлі уздзьмутым жыватом,
А над імі драпежна цягнуцца павольныя аблокі.
Калі паміраюць гарады –
па анфіладах крочаць рыжыя львы
І сьлізгоча струменьчыкам ртуці зьмяя па карцінах,
што ўпалі ў музэі.
Калі паміраюць планэты – застаюцца сьвінцовыя воды
І сьвісьцячая песьня пяскоў у расколінах скал.
Калі памірае каханьне... Але каханьне не памірае.
Яно вечна застаецца ў грудзях лікуючай тугою слоў,
Безнадзейным болем і непатольнай пяшчотай,
Калі нічым не дапаможаш, хаця сэрца аб зоры разьбі.
Плач дрыядай, рагачы сатанінскай няшчыраю
ўсьмешкай,
Львом куртатым кроч, сьлізгай самаахвярным зьмеем
Або падлай няшчаснай валяйся на ворыве лёсу –
Ўсё дарэмна. Няма дапамогі. І сьмерці няма ў каханьня.
Чалавек толькі сьмертны. Але калі дрэвы не помняць,
Гарады не помняць, не помняць нямыя планэты –
Сэрца помніць каханьне і попелам стаўшы з агню.
Аб пушыстым сьнезе бясконца яно ўспамінае,
Аб сьлядох на сьнезе, аб любых засьнежаных веях,
Аб журботнай усьмешцы і аб горкіх, апошніх,
бязважкіх
Пацалунках у вочы, запясьці і вуснаў ражкі...
Скрухай поўнае, ўспамінае мёртвае сэрца
І аб тым, чаго не было і не будзе болей ніколі:
Аб агні ачага, аб неадчэпных цёплых дзіцячых
далонях,
Аб жаданьні пакласьці жыцьцё за яе і з успоратым горлам
Прыпаўзьці і падохнуць ля ног, уратаваных табой.
Не забываючы здохнуць. Усё помніць і мёртвае сэрца
І кружляе з крыкам перадсьмяротнай і ўсё ж
бесьсьмяротнай тугі
Над магіламі мёртвых багоў,
над журботным спакоем зрынутых дрэў.
Над жывёламі, кінутымі на ральлі,
Над планетамі мёртвымі і гарадамі –
Бессмяротнаю каняй, што моліць аб кроплі вады.