Белая песьня ў лугох залацістых,
Кліч адзьвінеўшых стагоддзяў зямлі,
Кволая-кволая, чыстая-чыстая,
Быццам дзяўчына, царква на Нерлі.
Кроў і забойствы ў агні і дыме,
Подласьць і жорсткасьць у лютым баю, –
Нават яны праходзілі міма,
Пашкадаваўшы нявіннасьць тваю.
Ўсім, хто навек адыходзіў к ценям,
Сьнілася ты на райскіх лугох
Зь яснай журбою па убіенным,
Зь ценем усьмешкі ў мокрых вачох.
Любы твой брат загінуў на ловах.
Вочы твае для нас зьбераглі
Літасьць, і сьлёзы, і цёплыя словы,
Што не заб'еш на грэшнай зямлі.
З дальніх стагоддзяў праз цёплыя губы
Чую прызыўны твой галасок:
"Братка мой мілы, братка мой любы,
Выйдзь да мяне на круты беражок".