Зноўку восень прыйшла, як ваўчыца,
У краіну, дзе ты паміраеш,
Дзе ад вогнішча дым зноў клубіцца,
І за дымам да зор узьлятаеш
Ты душою збалелай і вольнай,
Нібы вецер, што сёньня самотны
Над вадою счарнелай і зольнай
Туманоў расьсьцілае палотны...
Зноўку восень табе, як ваўчыца,
Нібы лісьце зь бяроз, зьліжа раны,
Што на сэрцы тваім, і маліцца
Будзеш ты кожны вечар старанна
За краіну, дзе ты паміраеш,
Дзе ад вогнішча дым зноў клубіцца,
За якім ты да зор узьлятаеш,
І ляціць за табою ваўчыца,
Як лісьцё, як агонь, як былое,
Ад якога штодня ты ўцякаеш,
А яно, нібы шчасьце зямное,
Даганяе цябе, даганяе...