Пра рыцарства, пра Прусію забыцца!
Тут іншы сьвет, тут іншае жыцьцё.
Ляціць пад ногі, як агонь, лісьцё,
Сьмяецца маладзён, і плача рыцар
Па тым, што ўжо ня вернецца ніколі
Да родных ніў, да роднае красы,
Дзе цэлы сьвет у кропельцы расы,
Дзе камяні, як чарапы на полі
Чужынцаў тых, сярод якіх ты сёньня
Жывеш і будзеш верна ім служыць,
І будзеш век для іх усё ж чужым,
Як для цябе наўкол лясы і гоні
Чужыя і самотныя, як рыцар,
Які ў табе жыве і будзе жыць.
І сын твой да цябе праз луг бяжыць,
Дзе сьвет у кропельцы расы іскрыцца,
Дзе камяні, як чарапы на полі
Чужынцаў і тваіх былых братоў,
Якія не вярнуліся дамоў,
Як ты дамоў ня вернесься ніколі,
Бо тут твой сьвет, бо тут твая краіна,
Самотная і вольная, як ты.
І ты глядзіш спакойна ў вочы сына,
А я ў твае гляджуся праз гады...