Пад вербамі, што нахіляюць
У цемры над вірамі стан,
Над ціхаю вадой палае
Маленькі залаты вулкан.
Смальлё ў жароўні сыпле іскры,
І ціхай рэчкі глыбіня
Сьвятлом няпэўным, алым, чыстым
Праніклася амаль да дна.
Ноч пахне радасна і смутна
Вярбовай горкаю карой,
І нос чаўна плыве нячутна
Над змрочным лесам пад вадой.
І ў гэтым лесе, дзіўным, сінім,
Стаяць забіўшыся углыб,
Шырокія тугія сьпіны
Заснуўшых пад вадою рыб.
Трапечуць багавіньня струны,
Рыб клоніць бурштыновы сон...
Замры, падобны да Нептуна,
Трызубец сьціснуўшы ў далонь!
Бліжэй! Бліжэй! Як сьлёзы цёплыя,
Ад жаркіх водбліскаў сьвятла
Чырвоныя падвескі кропляў
Нячутна падаюць зь вясла.
Адзін удар трызубай снасьці,
І ў ходзе казачных падзей
Жывое, трапяткое шчасьце
Само ў далоні упадзе.