Хто скача ўначы праз пасмы ймглы?
То ймчыцца бацька, зь ім сын малы.
Малога моцна стары дзяржыць,
Дзіця палае, дзіця дрыжыць.
– «Сынок, чаго ты галоўку схіліў?»
– «Глянь, тата, вунь – лясун у гальлі
Ў вянку з ігліцаў і з барадой»...
– «То ймгла бруіцца над вадой.»
– «Хадзі, дзіця, ідзі за мной,
Так слаўна ў лесе гуляць вясной.
Ірдзяцца краскі жывыя агнём,
Жар сьпелых ягад мігціць між пнёў»...
– «Ой, тата, тата, ці чуў, што ён
Цяпер шапоча мне з-за сасон?»
– «Ну, ціха, ціха, сынок, – шасьціць
Павевам ветру ў сухім трысьці...»
– «Ці хочаш, любы, быць у мяне?
Мае дочкі чакаюць цябе ў лагчыне,
Мае дочкі там ночны вядуць карагод,
Яны закалышуць малога майго...»
– «Ой, татачка, тата, ц бачыш і ты
Дачок лясуновых у сьцені густым?»
– «Ня бойся, сынок мой, кажу табе я –
То-ж шэрыя вербы над плёсам стаяць».
– «Кахаю цябе, да спадобы ты мне,
І будзеш маім ты, ці хочаш, ці не!»
– «Ой тата, ён хоча здагнаць нас, злавіць,
Ён сьціснуў за шыю! Ой, тата, баліць!»
Устрывожаны бацька імчыць, як віхор,
Калышацца, стогне ўзварушаны бор...
Ўжо блізка... Вось хата... ўжо ён даскакаў...
Ў руках ягоных хлапец сканаў...