Прыгажосьць існуе па-за межамі зроку,
Прыгажосьць існуе па-за межамі часу...
Скараціўшы адлегласьць у некалькі крокаў -
Нашы вочы і рукі застаюцца сам-насам.
Віка Трэнас
Родныя вобразы
уваход      рэгiстрацыя
 
  ГАЛОЎНАЯ     АРХАІЧНАСЬЦЬ     ЖЫВАПІС     ДПМ     ВЕРШЫ     ЛІТАРАТУРА     БІЯГРАФІІ     ФОРУМ     СПАСЫЛКІ  
пошук

  
Тлумачальны Слоўнік

КЕПСКА БУДЗЕ!

Як я толькі нарадзіўся –

Бацька сказаў: «Кепска будзе!»

Ну дык жа ж не памыліўся:

Зьдзекавалісь Бог i людзе.

А чым кепска? – бо на марцы

Я радзіўся (пост праўдзівы,

Цяжкі месяц гаспадарцы.

Як пражыў хто, – будзе жывы).

Пераеўся хлеб да крышкі,

Бульбы толькі як пасеяць,

I прыварку ані лыжкі,

I скаціна – хоць разьвеяць;

Ні саломкі, ні то сена,

Хоць бы на раз для скаціны;

А тут дроў ані палена,

А тут яшчэ нарадзіны!

Трэба ж бабе бохан хлеба,

I гарэлкі ж трэба пляшку,

Яшчэ ж хрысьціць хлопца трэба...

Вот i думай, як сярмяжку

Нясьці жыду пад заставу

Ці прадаць каня, кароўку?

«Сеў, – казаў ён, – я на лаву,

Узяўшыся за галоўку,

I заплакаў, аж заліўся,

Так, як бацьку пахаваўшы...

Кепска зрабіў, што радзіўся,

Кепска будзе, сьвет пазнаўшы!»

      Ці то слова йшло урокам,

Што сказаў у кепскім часе,

Ці хто кінуў такім вокам?..

Ну i доля ж удалася!

I збылося ж бацькі слова!

Вот у тыдзень вязуць гэта

Хрысьціць мяне да М а к р о в а

Кумоў двое i кабета.

У  А б о р к а х  мост сарвала,

А я ж быў – чуць жывы, слабы.

Рада – ў раду, на тым стала,

Што ахрысьцяць з вады бабы.

Зь  Б е р а з i н ы  жменяй вады

Кума сама зачарпнула,

Паматала сюды-туды.

Трэйчы на мяне лінула.

«Вот i хрэст увесь тут, – кажа, –

I ксёндз хрысьце гэтаксама,

Толькі яшчэ чымсь памажа,

А хлопцу ўсё роўна – яма!

Хоць бы жывым хоць давезьці,

Каб дарогай не сканала, –

Скажуць – кепска вязла гдзесьці

Або туга спавівала!..»

Гэтак мяне пахрысьціўшы,

Вязуць назад ужо да маткі,

Вочы добра пазаліўшы,

Ледзьве унясьлі да хаткі.

Закусіўшы тут як трэба,

Пакумаліся, і квіта:

Баба ўзяла бохан хлеба,

Пляшку водкі, торбу жыта;

Разышліся і паснулі.

Матка ж мяне калыхае:

«Люлі, – шэпча, – сынок, люлі...»

А як зваць? – сама ня знае.

Вот назаўтра спазараньня

Бяжыць матка да кумошкі

Ды пытае: як празваньне

Далі сыну? Лёну трошкі

Тут прынесла пры здарэньню,

Трошкі сала, круп са жменю...

А кума ж была праворна:

Хоць што збрэша – не запнецца;

Круце сабе ў сенях жорна,

Трэба ж салгаць! Куды ж дзецца?

«Імя, – кажа, – твайму сыну

Ксёндз хацеў даць па кантычцы,

Думаў ён, можа, з гадзіну,

Узяў ксёнжку, як стаў рыцца,

Дык даў потым з каліндарка»!

Матка прандзэй з хаты ў сені,

Як бы цівун гнаў па карку,

Усе шэпча то імене:

«Аліндарку, Аліндарку!»

Прыляцеўшы так дадому,

За калыску узялася

I зрадзела, як сьвятому,

Што аж слязьмі залілася.

I калыша, i галосе:

Надта імя спадабала,

Надта добрае здалося,

Што такога i ня знала!

Вот i клікаць мяне сталі

Скаліндаркай, Аліндаркай...

Ну, як зналі, так i звалі.

Але вот што з гаспадаркай?

Наперш конь здох таго ж лета,

I цялушка, як лань, пала...

Матка ж, ведама, кабета,

Затужыла i запала,

Гадкоў зо тры пацягнула,

Ў марцы й ручанькі згарнула.

(А ўсе ў марцы, трэба ж гэта!

А разумная была кабета!)

З таго гора бацька бедны

Стаў маркотны, як магіла.

Было сядзіць такі бледны...

«Што ж ты гэта нарабіла?!»

Гэтак скажа i заплача.

(Хто ж пачуе, хто забача?)

Потым дай памалу сватаць;

Трэба ж, ведама, жаніцца,

Каб было каму палатаць,

Каб было ў што зьмяніцца,

А так усе памарнела:

Куры, гyci, навет сьвіньне.

І сьвіньня дзяцей паела

I карова марне гіне...

Ўвосень давай шукаць пары,

Ды ніводная ня хоча;

Аднэй бедны, другой стары,

Трэця, чорт ве – што тароча:

«Аддай, – кажа, – Аліндарку

Куды-кольвек хоць на людзе,

Сядзь на нашу гаспадарку,

Тагды выйду, добра будзе!»

Бацька кідаўсь зо тры тыдні,

Яшчэ горай зажурыўся,

Прадаў сякі-такі злыдні,

Разлайдачыўся, расьпіўся

I ўмёр так пад гародам,

Устраміўшы ў плот галоўку!

Шапку найшлі аж за бродам

I ў шапды залатоўку.

A назаўтра прывёў соцкі

Асэсара, паноў трое.

Труп той зрэзалі на клёцкі...

(A ў марцы ж было й тое!)

Мяне цётка, у апеку

Узяўшы, трошкі падрасьціла

Ды якомусь чалавеку,

Як за сына, адпусьціла.

Незадоўга зьмерла цётка,

Я стаў круглая сіротка.

Ці гдзе днюю, ці начую.

A ўсё бяду сваю чую!

Пастухі зьбяруцца ў гаю,

Пяюць песьні ля бярозы,

А мне чагось, сам ня знаю,

Смутна, цяжка, цякуць сьлёзы.

Рос я гэтак за вачыма,

Ужо трэйчы спавядаўся,

Калі зімой да айчыма

Ды ўраднік заблукаўся.

Я сяджу сабе на печы,

Пляту лапці, ўю аборы,

Ён паказуе праз плечы:

«Што-то сын твой, – кажа, – хворы?»

«То ня сын! – айчым той кажа. –

Ўзяў сіротку; дзякуй Богу,

Добры ўдаўся: позна ляжа,

Рана ўстане і адлогу

Не запусьце... спагадлівы;

Маю сына, хоць ня родны.

Ажаню, як буду жывы,

Будзе Богу й людзям годны!»

«А лет сколькі?» – той пытае.

«Дваццаць, – кажа, – мусіць, мае?»

«А зваць як?» – «Да Каліндарка!..»

Ратнік піша усе шпарка.

Як радзіўся, гдзе хрысьціўся?..

Пісаў, пісаў дый паехаў!

Бацькі яго угасьцілі,

Далі торбачку гарэхаў...

Посьле таго, так ня далей,

Як у тыдзень i асэсар

Шусьць у хату (і з мадаляй).

«А гдзе, – кажа, – той пасэсар,

Твой Ліндарка, ці як зьвецца,

Што хаваецца зь някруцтва,

Пляцець лапцікі на печцы?..

Ашуканства, баламуцтва!..»

А я ж ехаць меў па дровы,

Бацька клікнуў, іду ў хату...

А асэсар – той – здаровы!..

Лясь мне ў морду, потым тату.

Я ж узяў яго за грудзі

I піхнуў лыбом у дзьверы.

Ён як раўкне: «Гэй вы, людзі,

Тут разбой! Прыміце меры!..

Тут рыштант, брадзяга скрыты, –

Вот i лэб калісь быў брыты, –

Вяжы ўсіх, нараджайся!..»

Мяне лясь! «Ты хто? Сазнайся!..» –

«Скаліндар, – кажу, – сірота!..»

Пацягнулі па дарозе,

Завязалі і варота,

Мы ж спыніліся ў астрозе...


Астрог, братцы, паглядзеўшы

Мімаходам, выглядае,

I нічога: шык, ня еўшы,

I ў астрозе не бывае,

Але лепшы ў хаце голад,

У дарозе велькі холад,

Найцяжэйша праца ў полi,

Як у той астрожнай долі!

Відзеў пташку я ў клетца,

Як галоўкай потым б'ецца,

Аж скрыдэлкам затрапоча –

I сканае... жыць ня хоча.

Разь лісіцу, адкапаўшы,

Прывязалі мы да кола:

Стала ж грызьці што папаўшы,

Сабе бруха распарола,

Растрыбушылась на часьці,

Каб ня жыць так, хоць прапасьці.

Нашто – гадзіну, мядзянку,

Пусьці ў шклянае начыньне, –

Сама сябе без прастанку

Будзе жаліць, покі згіне!..

Як ужо ж скаціна тая

Або гадзіна праклята

I та цану волі знае,

Што ж для нашага-то брата,

Меўшы розум не скацінны,

Як знаць волю мы павінны?..

A ў астрозе ж няма волі.

Ні ў чом няма i ніколі!

У жалезе тыя дзьверы,

Пры дзвярах стаяць жаўнеры,

А народ усё сярдзіты –

Так як бы яшчэ ня сыты

Людскіх сьлёзаў, мукі, енку;

Не гавораць памаленьку,

A ўсё зыкам, a ўсё з лайкай,

А ўсё з боем, ўсё з нагайкай.


У дзядзінец нас як пхнулі,

Дзьвярмі тымі як грукнулі,

Дык i сьвет мне тым закрыўся,

Як бы у труну забіўся...

Зараз старшы ўзяў за плечы,

Хляснуў трэйчы, так, бяз рэчы,

Ключы кінуў: «У халодну!»

I аблаяў матку родну.

Нас піхнулі, як у яму,

Ў цёмну хату чварагранну,

Далi хлеба, вады меру

I запёрлі, як за веру

У цямніцах калісь гэта

Замыкаліся ад сьвета.

Цёмна, зімна... Прытуліцца

Няма куды! А каганец,

Як бы губка, толькі тліцца...

Засьпявалі мы ражанец.

Пяём, плачым, аж галосім,

Божай ласкі – Праўды просім!

Ў такім енку, са сьлязамі

I паснулi у той яме!

Абудзіўся я зь зьдзівеньня:

Глядзіць у шчэлачку праменьне!

Я падумаў: ласка ж Божа

I сюды пралезьці можа?

Аглядаюся вакола,

Як бы шукаў і тут Бога.

Мне зрабілася васола,

Не баюся я нікога,

Зноў ражанец: «B?g ucieczka»

Бляю сабе, як авечка,

Калі бразць ключом у дзьверы,

I крычыць хтось: «Гэй, вы, зьверы,

Вы, бунтоўнікі, паскуды,

Выбірайцеся ад сюды!

Тут важнейшым трэба сесьці,

Вас у вобшчу здадзім гдзесьці!..»

Павялі нас аж на гору...

Па якомусь калідору...

Дзьверы, дзьверы, ў дзьверах дзюрка,

I ў каждай жа хвігурка

Як бы тая ж выглядае,

Гдзе ні глянеш, усё ж тая:

Блішчаць вочы, твар, як гліна,

I абросшы, як скаціна...

У турме, як у тым гробе,

Ў адну твар усіх паробе!

Ішлі, ішлі гэтак з гоні.

А смрод такі, што ад воні

Мне аж дух у грудзях сьпёрла,

Як бы цісьне хто за горла.

Тут нам хату паказалі,

Упусьцілі, разьвязалі,

Вады далi, трохі хлеба

I запёрлі зноў як трэба.

Тут народу шмат сядзела.

Глянуў я – душа самлела:

Як падушкі, у ix твары,

Ў хаце пуста, толькі нары.

Ляжаць усе, з нас рагочуць,

Навет мейсца даць ня хочуць.

«Давай, – кажа, – хоць на пляшку;

А ня даўшы, дык парашку

Цёнгле ты выносіць мусіш,

A ўжо хлеба, дык ня ўкусіш, –

Мы табе наб'ём аскому,

Покі вернешся дадому!»

Я спалохаўся, баюся:

«Войча наш!» – кажу, малюся...

Бог даў спомніць: залатоўка

Гдзесь была ў кашулі ўшыта,

Што дала калісь жыдоўка,

Што падвёз у млын ёй жыта.

Прэндка сарваў тую лату,

Кінуў злоты той на хату...

I ня ўгледзеў, як хапілі,

Толькі відзеў – водку пілі.

Тагды сталі нас пытацца,

Ці застаўся хто у хатца?

Адкуль, за што пасадзілі,

Па якіх турмах хадзілі?

Іншы вуча, на пытаньне

Даць якое паказаньне:

«Кажы, – кажуць, – знаць ня знаю,

Чый я ёсьць, зь якога краю.

Малым быўшы, сьляпых вадзіў;

A падросшы, i сам брадзіў;

Не прыпісаны да сказкі,

I так жыву з Божай ласкі.

Бог мой бацька, зямля матка;

Знаць ня знаю» – уся гадка!

Так да марца сядзім ціха,

Не чуваць дабра, ні ліха,

А у марцы шлюць бумагу,

Каб дастаўлена брадзягу,

Супраціўніка уласьці,

Улажэньня першай часьці,

Што мянуецца «Ліндарам»

Ды йшчэ б'ецца з асэсарам,

Ды каб быў ў ланцуг закуты,

На нагох каб былі путы,

Праважацелі каб срогі,

Каб ня сходзілі з дарогі,

А каб проста да начала...

I ці мала там пісана?!


Вот назаўтра рана-рана

Нам адзежка наша дана;

Паскідалі мы сярмягі,

Салдат узяў дзьве бумагі,

Нас зьвязалі – i ў дарогу!..

Я падумаў: «Дзякуй Богу!

Хоць нас слоначка сагрэе!

Вецерчык на нас павее!

Можа, дожджык срыбны змоча!

Можа, пташка засьвяргоча?..

Аж заплакаў я, зрадзеўшы!

От, здаецца б, i ня еўшы

Быў бы сыты на свабодзе,

Як той кролік у гародзе.

Тут, здаецца, i сканаў бы,

За свабоду жыцьцё б даў бы!»


Скаўроначкі Бога хваляць,

A пастушкі агонь паляць,

A i слоначка прыгрэла,

Аж мне ў душы паясьнела.

Да палудня ішлі гэтак,

Пры дарозе шмат i кветак:

То пралескі, то сасонка,

Выгравае Божа слонка!

Так пад вечар ў мейсцы сталі,

У халоднай начавалі, –

Было позна. Заўтра зраньня,

Якраз у дзень Зьвеставаньня,

Клічуць мяне да дапросу

(Задаваць-то ужо чосу!).

Той судзебнік маладзенькі,

Такі быстры, хоць маленькі,

Ўсё пытаецца ды піша

I нагой усё калыша.

Як спытаўся мяне, хто я?

Я i спомніў сабе тое,

Як вучыў там той з астрога:

«Знаць ня знаю я нічога!»

I старога тут клікнулі,

Папыталіся, раскулі

I дадому павярнулі.

А мне кажа: «Ты, брадзяжка,

Сакрыў званьне, будзе цяжка:

Сорак розаг, потым роты!

Скажы лепей – адкуль, хто ты?»

A ўсе піша, піша, піша

I нагой усё калыша.

Пісаў, пісаў, даў другому

I сам пайшоў кудысь з дому.

Мяне зноў жа да астрогу,

Толькі цяпер, дзякуй Богу,

Адзінокі я застаўся.

Айчым плакаў, як жагнаўся.

«Помні, – кажа, – мяне, сыну,

А я хіба што сам згіну,

А цябе вярну да вёскі,

Хіба б ужо гнеў быў боскі

Або б Праўда гдзесьці зьмёрла!

Вырву цябе ім із горла:

Бог паможа, проці сілы

Праўда выйдзе, як з магілы!»

Сказаў гэта, пакланіўся

Ды ізноў сьлязьмі заліўся.

I мне стала ў вачох цьмяна,

Зашчымела ў сэрцы рана,

Як бы штосьці адарвала,

Сам ня знаю, што мне стала?

Калі гляну, ачунеўшы, –

Я ў шпіталі, захварэўшы...

Галава мая абрыта,

Твар вадой ці чым абліты,

A піць хочацца... здаецца,

Рэчку б выпіў, каб пры рэчцэ!

Так я праляжаў тры тыдні,

Прадаў усе свае злыдні;

Надта есьці стаў памногу

I паправіўсь, дзякуй Богу!

Я ж тут ляжу, i ні рэчы,

Што там стары гаспадара.

А ён торбу ўзяў на плечы,

Па начальству просьбы жара!

Трэйчы Вільню, сем раз Ліду

Ён адведаў. Трэба ж ведаць, –

Прысягнуў, покі я выйду,

Навет дома не абедаць!

Раздабыў усе паперы,

Запісаў мяне у сказку...

Што i бацька б, можа, шчэры

Не зрабіў такую ласку.

Так увосень, ў замарозкі

Прывялі мяне да вёскі,

Пазьбіралі шмат суседаў!..

Кожны гаварыў, што ведаў:

Як я тут, калі радзіўся,

Як i бацька мой жаніўся...

Паказалі усё чыста,

I што імя мне  К а л i с т а,

Што завуць мяне  Л i н д а р к а,

Так, на сьмех, што чыста гол,

Як ліндар, што на фальварку:

Весь маёнтак – ён ды вол.

Асэсар быў ужо новы,

Чалавечак так, нічога,

Якісь ціхі, нездаровы

I цярплівы... хваліць Бога!

Пасьля таго праз паўгоду

Ў марцы ж мяне на свабоду,

Дзякуй Богу, адпусьцілі

У той дзень, як i хрысьцілі.


  Ф. Багушэвіч

вэрсія для друку

Адзнакi: 10.0 /2 Водгукі(0)
Дадаў PL 29.04.2010