Нам час развітацца. Мне час адыходзіць.
Куды?.. Не пытайся… Не трэба…
Глядзі, майго лета амаль што на дне засталося!..
Падманваюць словы (салодка і срэбрагалоса),
Ды я не баюся… Я праўлю маўклівую трэбу…
Імгненні лічу па ружанцы мінулых стагоддзяў…
У нашай крыві пракаветная Крыўя
Заснула і сніць сваю прышласць…
Зусім не балюча, а проста муляе часінай,
Пад шоргат крыла – успаміны вятроў цёмна-сініх, –
Калі мы не верылі радыё-Крышне
І з крыўдай глядзелі на сонца, прышытае крыва…
Бывай, мой… Не ведаю, добры ці дрэнны…
Мы хутка падзелім па-роўну:
Табе – руйнаваць міражы парцалянавых вежаў,
А мне – у ляшчоткі душу і схавацца ў замежжы…
Загойваць віну і распорваць няўдалую кроўнасць,
Малюючы неба на столі маіх сутарэнняў…