Ужо ні мама і ні татка
Не дапамогуць у бядзе,
І не скажуць цёпла: «Надзька!
Ужо хутка лепшы час прыйдзе!»
Ці хто тут зжаліцца над намі,
Ёсьць перад кім праліць сьлязу?
І сьцісну гора я рукамі
Ды і ў магілу панясу.
Сьвет вялікі... Аднадумцы
З часоў агульнае бяды
Помняць муры на прагулцы,
Карцары і халады.
Большасьць нашых паўміралі,
Не баліць ім галава.
Не адчуюць яны ў яме,
Што калею сёньня я.
I ніхто не запытае,
Не насеча зь вішні дроў:
«Надзя, Надзя, ці жывая,
Ці жывеш у сваякоў?»
Мне калісь сям'ю гадалі,
Як канвоі нас вялі,
Што я буду жыць з сынамі,
Чытаць унукам буквары.
Многа цацак падарую,
Шмат ім казак раскажу:
I пра «матушку радную»,
I пра «рускую душу».
Пра калгасы, пра ГУЛАГі,
Пра сібірскі лес-тайгу,
Як пісалі без бумагі
На кары ці на лістку.
Як праз сьцены гаварылі
I хавалі ў хлеб лісты.
Калі шмоны у нас рабілі,
Прысядалі голы мы.
Усё раскажам і напішам,
Не забудзем успомніць нас,
Як канвой страляў із вышак,
I карміў булкай сабак.
Як мы пухлі, галадалі,
I сядзелі на штрафным,
Як пасылачкі чакалі,
I дзяліліся ўсім.
Ўсё раскажам, каб там зналі,
Як пасылку прадалі.
Як цамент мы выгружалі,
Як у карцар нас вялі.
Як стралялі з кулямётаў,
Танкі па людзях ішлі,
Як не выйшлі на работу,
Улад чакалі із Масквы.
Як ты плюнула ў вочы
Там ахоўніку, што лез,
Што вадзіў нас на работу,
Ой, нахабны быў той пёс!
Ўсё баяліся, што стрэліць,
Але не, бач, знаць, любіў.
Але як сабаку верыць?
Ён - тут цар і бог адзін.
Дваццаць пяць - нястрашны тэрмін,
Век ня будзе, ўсё прайдзе!
Як ёсьць Бог, дык ён паверне,
І ня здрадзім мы сабе!
I бацькі мяне пачулі
За паўсьвета на зямлі.
У снах бачыла матуля,
Што дамоў дачка прыйдзе.