Над смутным днём, раптоўнай катастрофай
Маіх празрыстых вобразаў і сноў,
Паўстану я,
пакуль дыктуе строфы
Маё жыцьцё нанова мне ізноў.
Паўстану я. Няхай зьбівае страта
Слабога і бязьсільнага, а мне
Надзею мець, што хутка прыйдзе сьвята
I жнівень слоў на вецер не сажне.
Яшчэ й зязюля весела кувае
Над тым нядрэмна-сьцішаным сялом.
I сонца промень зыркі дасылае,
Каб спапяліць расстаньняў крыгалом.
I там, дзе лета бабіна на сконе
Бязьлітасна асядзецца на скронь,
Які халодны шквал мяне дагоніць,
Неўтаймаваны, зоймецца агонь?..
Ды ведаю, што позьняю парою,
Калі трывожыць сэрца зарапад,
Пушчанкай непрыручанай, лясною
Я пражыву між радасьцяў і страт.
I, можа быць, зусім невыпадкова
Паўстану я ў сьвятле нязьменных мар
Дзяўчынкай той, якой вядома слова
I невядомы ўвесь яго цяжар.