Задыміўся імжою сыр-бор,
Дробны дожджык-туман заімжыўся...
Мне прысьніўся квяцісты прастор,
Мне наш край беларускі прысьніўся.
Бачу сон:
Дзе у цемры вякоў
Смуткавалі рачныя затоны,
Зьняты палкія душы з крыжоў,
I няма ні жальбы, ні праклёнаў.
I вось тут, дзе ня рускую Русь
Прадавала паном Кацярына,
Прамяняў селянін-беларус
Сашнікі і саху на машыну.
У вячэрнюю цемру і стынь
Не палае лучына у хаце,
Памяняў беларус-селянін
Сінявую страху на палацы.
I пад новай жалезнай страхой,
Дзе спляліся сьвітальныя цені,
Нарадзіўся Шэксьпір і Талстой,
Засьпяваў беларускі Ясенін...
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Мы ідзем не плятні апяваць,
Мы складаем паэмы машынам...
О, краіна – азёрная гладзь,
О, мая дарагая краіна...