Каб ты ведаў, брат кумішча,
Што учора відзеў я?
У паноў было ігрышча,
Ды якое, ай, ай, а!
Вот ігрышча, дык ігрышча,
Не такое, як у нас:
У цымбалы б'ець жыдзішча,
Як калом, дык вот якраз.
Два жыдкі у скрыпкі валяць,
Трэці парх у дудку дмець.
А у мейсцы як засмаляць, –
Аж цябе тут затрасець!
Была яшчэ і скрыпішча,
У абхват будзе якраз,
У ёй бас, дык вот басішча!
Як аборына у нас.
Музыканты як прыўдараць
Усе разам «казака»,
Дык у вочах цёмна станіць,
Аж забудзіш языка!
Б'ецца сэрца, як цапамі,
Дрыжаць ногі пад табой
I у танец ідуць самі –
Проста самі меж сабой.
А паноў? дык як на сходзе,
Калі член прыедзе сам.
Ўсе прыбраўшыся па модзе,
Але ж як? і куды ж нам!
Панічы усе прыбраны,
Усе ў куртках як адзін:
Рукавічкі маляваны,
Боты вострыя, як клін.
Акуляры ж кожны ж носе,
Вісяць тут пад барадой.
Іншы ушчаміў на носе,
Танцуючы з маладой.
А кашулі – ляксаваны,
Але ж белыя як сьнег!
Зарукаўкі пазьвіваны
І з гузамі, як гарэх!
А паненкі ж? твар як трэба,
Але ж вопраткі, хвігуры?..
Ну не ядуць, мусіць, хлеба,
Адны толькі канфітуры!
Ні якога няма складу:
Жыватоў у іх нямаш,
Але стырчыць штосьці з заду –
Толькі езьдзіць на кірмаш.
Ні то конская кульбака,
Ні то кашэль, ні жаўлак
Ці пузыр з-пад андарака...
Ну ня ведама ніяк.
Адзін паніч нетутэйшы,
Мусіць, зь месца ён, ці што,
А усіх быў найстрайнейшы
I прыгож сабе нішто.
Закрычыць, каб, мусіць, вальца
Ці якое жыд стаў граць,
А жыд стары міргельць мальцу,
А той давай ўсім міргаць.
Глядзі, струны нацягаюць,
Іншы ў дудку зачне дуць,
Тагды разам як зайграюць,
Як заваляць, як дадуць.
Калі панічы ускочаць,
Пагавораць меж сабой,
Да паненак штось балбочаць
I пайшлі так, як на бой!
Тыц усталі і паненкі,
Кожны бярэ, яку хоча,
I, абняўшы за сукенкі,
Сярод хаты павалоча...
I давай па двох круціцца,
Як «Мяцеліцу» у нас,
Аж у вачах мігаціцца,
Як дрыпочаць іншы раз.
Посьле, пане, як заселі
За сталом чыста ўсе,
Дык пілі, пілі, а елі!
Дык няхай іх пранясе!
Вот каб гэтак мы гулялі,
I так пілі, і так елі, –
Як бы цёнгле быў на балі
Ад нядзелі да нядзелі!