Весяліся, рві з капыта,
Бо шанцуе балазе;
Як ня стане ў сьвірне жыта, –
Мельнік мукі падвязе!
Пан заплаце за работу,
А накорме ласа жыд:
Танцуй сабе хоць да поту,
Пій гарэлку на крадыт...
Каса скосе санажатку,
Шнур сама саха згарэ;
Танцуй сабе да упадку,
Танцуй, покі смык дзярэ!
Барана ўсё завалоча,
А пасее вецер сам;
Няхай пекліцца хто хоча,
А ты сьпявай: «тра-та-там...»
Ёсьць сякерка – будуць дровы,
Намалоце і сам цэп...
Выпій, выпій, будзь здаровы!..
«А б ы г у б а – б у д з е х л е б».
Конь адбудзе і падводу,
Напасецца дасыта,
Ты ж сьвяткуй сваю свабоду,
Сьпявай сабе «тра-та-та»!
Кінь журыцца, гаспадарыць,
Зямля родзе і бяз нас,
Лепей вальцу давай жарыць:
На работу будзе час!
Пан заплаце за работу,
А накорме ласа жыд, –
Танцуй сабе хоць да поту,
Пій гарэлку на крадыт!